Сторінки (1/4): | « | 1 | » |
Ёсць сувязі, якія ніколі не могуць быць парваныя.
Расцем, як два дрэвы, побач з’яўляюцца новыя дрэвы розных парод, а мы, аказваецца, дзесьці так зрасліся карэннем, што ўжо не можам пасунуць свае галіны ў іншы бок і пачынаем сплятаць іх і ўрастаць адзін у аднога.
Кожная шурпатасць завучана на памяць, але гэтыя неразрыўныя абдоймы ўсё адно прыемныя.
У кожнага сваё жыццё: прыходзяць вёсны, з’яўляюцца новыя пагоны, але калі ў аднаго з’яўляецца дупло – дзюрка ў грудзях, а боль прарастае галінамі, прабівае яго цела, то і іншы не можа не адчуць гэта: як вясной па целу бягуць сокі, так цяпер прымушае курчыцца і стагнаць-рыпець ток болю іншага.
Бывае так, што ўсё навокал знікае, далягляды зацягвае туманам ці здарыцца страшэнная навальніца, а адно з двух дрэваў завальваецца набок, то тады другое дрэва яго трымае, каб першае не звалілася зусім.
………………………………………………………………………………………………
Яны былі сябрамі, братам і сястрой, маці і сынам, бабуляй і ўнукам, хлопцам і дзяўчынай, ворагамі, палюбоўнікамі і здраднікамі. Але ніколі не маглі дакладна вызначыць свае адносіны адно да аднога. І не маглі закахацца адзін у аднога адначасова.
Яго сімвал – дрэва. Яе – крыж. Ён вымушаны несці яе прысутнасць на сабе як свой крыж. Яна, яе крыж, яе лёс – зроблены з яго, з дрэва.
Яны – проста адное пароды. Яны – дрэвы.
адрес: https://www.poetryclub.com.ua/getpoem.php?id=175505
рубрика: Проза, Вірші, що не увійшли до рубрики
дата поступления 05.03.2010
Ідзем па мосце, асцярожна кранаемся яго бруку, часам аглядваемся і машам тым, хто за спінай і назіраем за тымі, што крочаць побач.. Адны ідуць у ногу, другія – не..
Ідзем у натоўпе і забываем, што за крок ад нас – бязмежнасць. Чыясьці.
Тут халодна, і што бы мы рабілі, калі б нас не абдымалі тыя, што поруч?
Кожны крок – важыць. Ён – час, учынак, успаміны, хтосьці.
Мы не можам выйсці за межы, бо там – вада..Мы можам пабачыць канец маста, але не жадаем і туман свядомасці зацягвае яго.. Мы не ведаем, што за ім: новы мост ці таксама вада.. Але мы верым, што мост вядзе над небяспекай з аднаго месца ў іншае – лепшае, што вада не можа быць з усіх бакоў.
Часам мы спыняемся і падоўгу глядзім у ваду.
А, бывае, мы губляемся ў прасторы з-за туману, паварочваем убок і знаходзім іншы канец маста.
Ёсць і нехта пад мастом.. Але мы робім выгляд, што не ведаем пра іх існаванне..
Калі частка шляху пройдзена, тады мы цэнім крокі, якія зрабілі.
Калі шлях пройдзены, тады мы абарочваемся і бачым тых, хто сышоў далёка перад намі і якіх ужо не бачна, і шкадуем аб тых кроках, якія не зрабілі..
.........................................................
А яшчэ.. мы робім крок насустрач..
адрес: https://www.poetryclub.com.ua/getpoem.php?id=147618
рубрика: Проза, Вірші, що не увійшли до рубрики
дата поступления 29.09.2009
Ён паставіў у тонкую, нібы сатканую з карункаў, вазу прахалодны букет аранжава-зеленаватых, яшчэ пакрытых кроплямі, восеньскіх лістоў..
І вось яна задумліва пагладжвала прыемна-гладкае лісце, асцярожна пераносіла з яго схуднелым пальчыкам на далонь і занепакоена ўглядалася ў маціцовую кроплю, нібыта ў спадзяванні адшукаць у ёй нешта, што дасць адказ на хвалюючае..
Магчыма, гэтак не дае спакою дождж, які стаўся для Іх адносін апошнім.. А можа, і гэтае лісце, якое невядома як з'явілася ў гэтым пакоі..
Толькі Ён ведаў, як гэта адбылося: Яе каханы штодзень да растання прыносіў Ёй такі букет; аднак сёння Ён, прывід з паралельнага свету, які так кахаў гэту жанчыну, каторая ніколі не зможа пабачыць Яго па злой іроніі лёсу, - што спалучылі іх сусветы, але не далі злучыцца цалкам, - зрабіў Ёй такі падарунак.
Ён пяшчотна крануўся Яе вільготнай шчакі, марачы абняць Яе, Яе сціснутую журбой постаць, але Яна ўжо прыўзняла плечы, акрыленыя нечаканай надзеяй, і рушыла ў дождж..
адрес: https://www.poetryclub.com.ua/getpoem.php?id=146761
рубрика: Проза, Вірші, що не увійшли до рубрики
дата поступления 23.09.2009
Я бачу яе колеру пярліны.. Так, поўня таго ж самага колеру, што і поўсць, якая яшчэ больш свеціцца дымчата-срэбраным колерам у яе святле..
Поўня – мая каханка.. яна кліча мяне, лашчыць далоняй ночы..
Цяжкімі лапамі ступаю па бусінках разарваных гронак-караль рабіны і, уздыхаючы, бягу хутчэй прэч.. звярам тут не месца..
Бягу па старым горадзе ў сваіх думках не зважаючы на тое, як хутка мільгаюць дамы збоку.. Часам толькі спыняюся ўражаны нечым дзіўным.. Учора спыніўся ля ўтульнага святла акна, у якое нат не заглянуў.. проста захапіўся цеплынёю дома..
Яшчэ я звычайна сяджу на беразе ракі..незвычайнае месца: рака ўпадае ў раку.. Тут мяне як заўсёды напаткалі ўспаміны, словы – “два ручаі, зліўшыся, стануць адной паўноводнай ракой і знікнуць назаўжды… два агні, зліўшыся, дадуць болей святла и болей цеплыні, але хутчэй дагараць..”, думкі.. Тут, у тумане *думак*, сутаргова выдыхаю пАру, гляджу ў цемру, на 2 абліччы поўні і пытаюся зразумець, якая з яе яна.. Я сяджу тут і думаю, пакуль мяне не пачынае трэсці ад халадэчы і болю..
Калі поўня не свеціць па начах, яшчэ толькі пагрозліва нарастае, набірае сілу, памяць вяртае мяне менавіта да такіх часоў – сузірання, засяроджвання, сядзення тут.. Але яна захоўвае і іншае.. Калісьці я сядзеў тут не адзін: са мной быў сабака.. Але звер сабаку – не сябар.. і мы позна зразумелі гэта.. мы скалілі жоўтыя, як поўня, якую бачаць людзі, іклы і кружылі ў адным нам зразумелым танцы.. пакуль нарэшце я не адышоў, астуджаны раптам, убок і..не трапіў у яго пастку.. тады на раніцу я ўбачыў свежую рану нібы ад цвіка.. Але людзі не памятаюць такіх сноў:)
Болей я не бачыў яго..
Часам я прабягаю міма бажэчкі і думаю пра Яго..таго, што пакутаваў..
Я таксама пакутнік.. За што, Госпадзі?
Аднойчы я вырашыў скончыць свае падарожжы і кінуўся ў раку, куды так доўга акунаў свае думкі, разганяючы імі палахлівых рыбак..
Доўгі час пасля гэтага я не памятаю сваіх сноў..
…………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………
У вадзе неба квітнела лілея – белая поўня.. Яна адсвечвала сёння срэбраным бляскам..
У роздуме гляджу на згіб рукі і вялікую сінюю пляму на ёй – пабітак – і прыгадваю сон..
адрес: https://www.poetryclub.com.ua/getpoem.php?id=138730
рубрика: Проза, Вірші, що не увійшли до рубрики
дата поступления 24.07.2009